● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
СУСТРЭЧА
Акцыі да Дня Волі пройдуць больш чым у 20 гарадах свету. Сярод іх ёсць, вядома ж, і Рыга, дзе знайшлі свой другі дом беларускія палітычныя ўцекачы. Тут запланавана сустрэча з беларускім пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым.
Я ведаю, што 25 сакавіка ў Латвіі — гэта дзень памяці ахвяр камуністычнага генацыду 1949 года. Беларусы разумеюць боль латвійскага народа, і, безумоўна, падзяляюць яго. Савецкія рэпрэсіі ў 1930-х пад корань выкасілі цвет беларускай нацыі. І сёння беларусы працягваюць сутыкацца з ганеннямі — на гэты раз з боку сучаснага беларускага рэжыму.
Я ўжо пісала пра беларускія мясціны ў Рызе, звязаныя з дзейнасцю ўрада БНР у выгнанні, і пра інтэрактыўную мапу «беларускай» Рыгі першай паловы XX стагоддзя, распрацаваную прадстаўнікамі дыяспары. Актывісты працягваюць шукаць архіўныя матэрыялы і збіраць па драбніцах гісторыю БНР у Рызе.
Як узнікла БНР?
25 сакавіка 1918 года ў акупаваным немцамі Мінску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, якая абвясціла БНР свабоднай і незалежнай дзяржавай. Рада БНР дэкларавала, што Брэсцкая мірная дамова, падпісаная бальшавікамі і немцамі, страціла сваю сілу, і таму заклікала да перагляду яе ўмоваў.
Немцы адказалі на Акт 25 сакавіка разгонам Рады БНР і Народнага сакратарыята, а пасля іх забаронай. Аднак органы ўлады працягвалі дзейнічаць у Беларусі, а пасля і на чужыне. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі — рэкардсмен па працы ў выгнанні. І дагэтуль за мяжой існуе Рада БНР на чале з Івонкай Сурвіллай, якая захоўвае традыцыі сваіх папярэднікаў.
У 1918 годзе кіраўнічыя органы БНР зацвердзілі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў. Упершыню
бел-чырвона-белы сцяг быў узняты над будынкам губернатарскага дома ў Мінску пасля выгнання бальшавікоў з горада 19 лютага.
Беларуская мова была аб’яўлена дзяржаўнай у красавіку 1918 года.
Радзе БНР удалося заручыцца падтрымкай у многіх рэгіёнах Беларусі і паступова пашырыць свой уплыў. У Мінск былі адпраўленыя пастановы з раённых гарадоў аб прызнанні ўлады ўрада БНР. Дакументы прыйшлі з Бабруйска, Радашковічаў, Барысава, Слуцка, Нясвіжа, Навагрудка, Койданава, Рэчыцы і іншых гарадоў. Беларускія мясцовыя рады выступілі за стварэнне адзінай непадзельнай Беларусі ў форме БНР.
Па меркаванні гісторыка Алега Латышонка, аўтара кнігі «Жаўнеры БНР», цягам 1917-1923 гадоў у беларускіх воінскіх часцях служыла каля 11 тысяч чалавек, у асноўным добраахвотнікаў. Гераічны эпізод барацьбы за БНР — Слуцкі збройны чын 1920 года, калі хутка сфарміраваная Слуцкая брыгада стральцоў БНР на працягу месяца вяла баі з Чырвонай арміяй.
Ці доўга праіснавала БНР?
Актыўная дзейнасць Рады і ўрада БНР працягвалася ў Беларусі ў 1918-1919 гадах. Кіраўнічыя органы БНР з’ехалі на эміграцыю ў 1919 годзе, яны перабраліся ў Літву, Нямеччыну і Чэхію. У 1925 годзе савецкія спецслужбы паспрабавалі арганізаваць ліквідацыйны сход Рады і ўрада БНР. Аднак старшыня Рады БНР Пятро Крачэўскі, а з ім і Васіль Захарка (Народны сакратар фінансаў БНР), засталіся вернымі ідэалам незалежнасці. Яны жылі ў Празе, дзе схавалі архівы БНР. У паваенны перыяд Рада і ўрад БНР былі адноўлены ў Заходняй Нямеччыне за кошт новай хвалі беларускай эміграцыі.
Што здарылася з заснавальнікамі БНР?
Пераважная большасць стваральнікаў БНР у 1920-я — 1930-я гады былі арыштаваныя і знішчаныя савецкімі карнымі органамі. Такі лёс напаткаў прэм’ер-міністраў Антона Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага. Янка Серада, першы старшыня Рады БНР, нейкім цудам выжыў і выйшаў са зняволення ў Сібіры ў 1942 годзе, але што з ім адбылося далей, невядома.
Толькі некаторыя дзеячы БНР жылі свабодна і пайшлі з жыцця па-за радзімай — Язэп Варонка (першы прэм’ер-міністр БНР, міністр па справах беларускага народа Літоўскай Рэспублікі; пахаваны ў ЗША), Пятро Крачэўскі, Васіль Захарка, Тамаш Грыб (сябар Рады БНР, рэдактар беларускай газеты «Родны край») (усе пахаваны ў Празе).
* * *
Чытаючы архіўныя матэрыялы, перабіраючы імёны і даты, складаючы ў галаве пазл Беларускай Народнай Рэспублікі, я ўсвядоміла, што
насамрэч зараз мы, беларусы ў выгнанні пасля 2020 года, паўтараем сцэнар нашых папярэднікаў.
Але, магчыма, у нас яшчэ ёсць шанц паўплываць не толькі на свой асабісты лёс, але і на лёс нашай Беларусі.
Дык пра што ж я мару ў Рызе? Да гэтага часу самы прыемны мой успамін у жыцці — гэта летні світанак, які я сустракала адна сярод лесу на беразе возера Дрывяты пад Браславам.
Адчуваць паўнавартасную апору пад нагамі можна толькі на роднай зямлі. І я мару некалі вярнуцца дадому, пад беларускае неба. І каб нічога гэтага — ніякага жаху — рэпрэсій, хвароб блізкіх і смерці сяброў, разбурэння ранейшага жыцця, страшнай несправядлівай вайны ва Украіне — як быццам ніколі і не было.
Ці хаця б больш не было.