● Гэта — аўтарская беларуская версія тэксту.
Авторская версия на русском — здесь.
Tulkojums latviski pieejams šeit.
Жахлівая смерць Лізы выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. 3 сакавіка намесніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт абвясціла, што вызначэнне згвалтавання ў Крымінальным кодэксе Польшчы будзе зменена ў адпаведнасці са Стамбульскай канвенцыяй, удзельнікам якой з’яўляецца гэтая краіна. У Варшаве 6 сакавіка адбыўся марш супраць гвалту «Яе звалі Ліза». Колькі, колькі яшчэ трэба трагедый, каб гендарная роўнасць стала штодзённай рэальнай рэальнасцю, а не проста дэкларатыўнымі радкамі на старонках афіцыйных дакументаў? Як ідуць справы з правамі жанчын у постсавецкіх краінах? І што думаюць самі жанчыны пра міжнародны жаночы дзень?
Я паразмаўляла пра ўсё гэта з уцякачкамі з Беларусі і Украіны, якія жывуць у Латвіі і Літве.
«Для мяне гэта больш пра прыніжэнне жанчын, чым пра свята»
— Ці лічыце вы 8 сакавіка святам, якое трэба шырока адзначаць на дзяржаўным узроўні?
Аксана, украінка, жыве ў Тукумсе, Латвія: Не, ні 23 лютага, ні 8 сакавіка. Для мяне гэта выключна напамінак пра Савецкі Саюз.
Я не адчуваю нічога асаблівага ў гэты дзень.
Жанчыны з пачаткам вясны расцвітаюць незалежна ад афіцыйных дат. З надыходам цяпла — лёгкае адзенне, прывабны макіяж, светлыя вобразы. Прадстаўніцы прыгожага полу вартыя таго, каб ім дарылі букеты ў любы дзень. А гэты не самы прывабны перажытак СССР... Не разумею няшчырасці:
8-га чысла ты жанчына і табе дораць цюльпаны, а 9-га ўжо не — ты асфальтаўкладчыца, і цябе можна проста так абразіць?!
Аляксандра, беларуска, жыве ў Вільні, Літва: Я думаю, што святкаваць можна, але не так, як у Беларусі, і не зусім упэўнена, што трэба рабіць выходны. Але што тычыцца ўстаноў, дзе ёсць дзеці — сады, школы, універсітэты — на розным узроўні развіцця дзяцей, я б, вядома, гаварыла з імі пра правы жанчын. А яшчэ на прадпрыемствах добра б у гэтыя дні памятаць 8 сакавіка — як падзею Другой Міжнароднай канферэнцыі сацыялістаў, якая адбылася ў Капенгагене ў 1910 годзе. Адной з яе мэт была барацьба за ўсеагульнае выбарчае права для жанчын. То-бок, гэта дзень, калі дасягненні жанчын павінны быць бачнымі і, вядома ж, каб прызнавалася іх кампетэнтнасць.
Жанчыны — не ўпрыгожанне калектыву, але прафесяналкі сваёй справы, якія, на жаль, і не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце, проста ў Беларусі гэта нашмат больш заўважна, сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па колькасці задач, нізкімі заробкамі, аб’юзам і самымі рознымі непрыемнымі момантамі, якія не адбываюцца ў калектывах, дзе ёсць толькі мужчыны. Я шмат дзе працавала, у тым ліку — у буйной карпарацыі, таму я ведаю, пра што кажу.
Але ў такім выглядзе, у якім святкуецца афіцыйна восьмае сакавіка ў Беларусі... Гэта проста жах, проста «прыбяры і ніколі не згадвай», бо для мяне гэта хутчэй для прыніжэнне жанчын, чым пра свята.
Вольга, беларуска, жыве ў Рызе, Латвія: Не, не лічу святам і не святкую ўжо шмат гадоў, як і 23 лютага. Віншую толькі бацькоў — яны ўсё жыццё пражылі з гэтымі святамі і чакаюць віншаванняў. Для мяне Свята — Дзень маці, напрыклад… Ды каханую жанчыну можна віншаваць кожны дзень! І кветкамі, і добрымі пажаданнямі…
— А як святкуюць 8 сакавіка ў той краіне, дзе вы жылі раней ці дзе вы зараз жывяце?
Аксана: Ва Украіне гэта свята з’яўляецца дзяржаўным, і, калі б не вайна, яго б адзначалі. Быў бы афіцыйны выходны дзень... Аднак
сёння ва Украіне ўсе выходзяць на працу, і проста жанчын віншуюць каробкай цукерак і букетам.
Аляксандра: У Літве? Я не ведаю, калі шчыра, таму што я працую з міжнароднымі праектамі з дому. Але ўлічваючы, што ў кіраўніцтве дзяржавы ў Літве шмат сучасных жанчын, мяркую, усё не так сумна, як у Беларусі. Але, думаю, святкуюць. У пачатку сакавіка ў крамах пачынаюцца зніжкі на касметыку — дні прыгажосці, дзяўчаты гуляюць па горадзе з кветкамі. Так, гаспадар дома, палову якога я здымаю, прынёс мне букет кветак 8 сакавіка. Але пры гэтым ён ніколі не дазваляе сабе абразліва выказвацца ў адрас жанчын пры мне і паціскае мне руку.
Вольга: Не ўбачыла, каб латышы яго святкавалі.
Хутчэй тыя, хто да гэтага часу думкамі ў СССР… але гэта — ужо іншая гісторыя.
— Ваш тата віншаваў вашу маму з 8 сакавіка?
Аляксандра: Так, віншаваў. Але
я родам з вельмі патрыярхальнай сям’і, і большую частку канструкцыі такой старазапаветнай іерархіі стварыла мая мама.
Здаецца, ён дарыў кветкі. Але неяк спакойна, без надрыву. Але я ведаю, што мама лічыць гэты дзень святам, таму што «хоць бы адзін дзень у годзе яна можа адчуваць сябе слабой жанчынай», бо ва ўсе астатнія дні яна кіруе ўсімі працэсамі ў хаце, усё жыццё шмат працуе, гатуе і займаецца хатнімі справамі.
Вольга: У мяне было няпростае дзяцінства… так, як і ўсе, ён нешта дарыў на 8 сакавіка, мусіць… не памятаю. Памятаю, як у школе, яшчэ ў СССР, мы збіралі грошы на падарункі хлопчыкам да 23 лютага, а настаўнікам — да 8 сакавіка…
«Нездарма ў беларускай рэвалюцыі 2020-га было так шмат жанчын...»
— Ці хацелі б вы, каб вас віншавалі з гэтым святам кожны год?
Аксана: Не.
Я б аддала перавагу замест віншавання раз на год, каб людзі з майго бліжэйшага атачэння, самыя родныя і блізкія, кожны дзень памяталі, што я жанчына.
І яшчэ... у Латвіі такога няма, але вось часам ва Украіне і часта ў Расіі — можна сутыкнуцца на вуліцы або ў чарзе ў краме з дробным, бытавым хамствам у адносінах да жанчыны з боку мужчын. Было б добра, калі б у соцыуме сітуацыя стала больш справядлівай у адносінах да жанчын.
Аляксандра: Звычайна ў мяне няма выбару — у мяне дзень нараджэння 7 сакавіка, таму віншаванні, вядома, ідуць у камплекце са словамі «Жадаю табе прыгажосці, пяшчоты, лёгкасці, добрага мужа і ўсяго ў гэты вясновы дзень». І ведаеце што?
Мяне гэта бесіць, хоць я люблю быць прыгожай, пяшчотнай і зусім не супраць «добрага мужа» — фемініста. А яшчэ я люблю прыгожыя кветкі і сукенкі, але ненавіджу гэтую патрыярхальную няшчырасць, якой прасякнута 8 сакавіка.
Жанчыны працуюць значна больш мужчын, атрымліваюць менш, часта выхоўваюцца пад ціскам — ты жанчына, таму ты не можаш быць разумнай, ты павінна слухаць старэйшых, ты павінна быць заўсёды ласкавай і прыгожай — і з гэтым бачаннем яны прыходзяць на вучобу, працу, дзе могуць быць аб’юз, гвалт, ды што заўгодна можа быць. Я ведаю, пра што гавару, я працавала ў розных месцах. І ўпэўнена, што з тым, што я пералічыла, сутыкаліся абсалютна ўсе жанчыны.
А яшчэ, паколькі ў мяне дзень нараджэння 7 сакавіка, я трываць не магу гэтую мужчынскую няшчырасць — аднойчы я стаяла ў велізарнай чарзе мужчын, якія куплялі тарты з ружамі для сваіх калег у офіс, і ўсім было пляваць на «мілых дам» у чарзе. Мне здаецца, нездарма ў беларускай рэвалюцыі 2020-га было так шмат жанчын, асабліва старэйшых за 50 гадоў — іх жа ўсё дастала! А для мяне гэта тым больш
свята няшчырых людзей у сучаснай Беларусі, калі жанчыны атрымліваюць нізкія заробкі, а шматдзетныя маці — маленькія выплаты, палітвязні жанчыны сядзяць у турмах
у жудасных умовах, афіцыйна іх быццам бы 190 на дадзены момант...
Вольга: Наогул не. Мне дастаткова таго, што мяне віншуюць з днём нараджэння.
«Ніводная жанчына не павінна быць ахвярай»
— На вашу думку, у чым наогул сутнасць гэтага свята і ці патрэбнае яно сёння?
Аксана: Свет насамрэч не стаіць на месцы і мяняецца ў тым кірунку, у якім жанчыны адчуваюць сябе раўнапраўнымі ў грамадстве, але
я б не ўскладала вялікіх надзей на 8 сакавіка, на афіцыйную дату. Я не бачу ніякага яе ўплыву на гендарную роўнасць, на барацьбу за незалежнасць жанчын. Гэта вырашаецца іншымі інструментамі,
на мой погляд. Мне падаецца, сёння ўсё яшчэ ёсць несправядлівае размеркаванне адказнасці паміж мужчынам і жанчынай і ў сям’і, і ў грамадстве. І многія жанчыны церпяць ад немагчымасці будаваць кар’еру, напрыклад. Патроху гэтае пытанне вырашаецца. А 8 сакавіка я прапаную забыць як перажытак савецкага мінулага. Як яшчарка адкідае хвост, так і варта выкінуць з нашай свядомасці гэтае бескарыснае, па-мойму, свята.
Аляксандра: Для мяне сутнасць гэтага свята — паказаць значнасць жанчыны ў грамадстве, яе раўнапраўе, свабоду выбару — ад палёту ў космас да павагі да шматдзетнай маці. Казаць пра жанчын, пра іх патрэбы, жаданні, пра тое, што мы моцныя і прыгожыя сваім розумам, дасягненнямі, у якім цікавым, важным свеце ў нас ёсць магчымасці, колькі дабра мы можам стварыць, пра падтрымку і салідарнасць.
І, канечне, у сучасным свеце, калі так шмат гвалту, трэба казаць пра абавязковыя законы па абароне жанчын на дзяржаўным узроўні. Як зараз з беларускай дзяўчынай Лізай, забітай гвалтаўніком у цэнтры Варшавы. У вялікіх гарадах заўсёды знойдуцца вар’яты, асабліва калі наш рэгіён патанае ў гвалце, але
ніводная жанчына, калі б яна ні вярнулася дадому, у якім адзенні і стане, не павінна быць ахвярай, яна павінна быць абаронена.
Жанчыны, якія перажылі гвалт, не павінны баяцца расказваць пра яго мужчынам, а мужчыны — не праходзіць міма гвалту, трымаючы недзе ў галаве — «нічога, гэта іх справа… ці мужчына меў права… яна сама вінаватая…» І, дарэчы, наколькі моцная, прынамсі ў маім свеце, гендарная няроўнасць, я бачу па каментарах мужчын у сацсетках, калі здараецца гвалт над жанчынамі. Там не проста няма гендарнай роўнасці, часта там няма проста чалавечага спачування.
Вольга: Ну, я проста не люблю гэтае свята. Хаця б таму, што яго прыдумалі Клара Цэткін і Роза Люксембург, і ён —
суцэльны напамін пра «савок». Не хачу ні-чо-га, звязанага з эС-эС-эС-ЭР.
Няхай у нас будзе шмат святаў — гэта выдатна! Але няхай яны будуць звязаныя з гісторыяй і падзеямі любімай Беларусі. Вось так Дзень Волi!
* * *
Цікава, што пры падрыхтоўцы артыкула я спытала ў свайго маладога чалавека, які нарадзіўся, вырас і ўсё жыццё жыве ў Італіі, ці можа ён расказаць нешта пра святкаванне 8 сакавіка ў сваёй краіне. Яго адказ быў лаканічны: «Часам мужчыны па жаданні ў гэты дзень дораць жанчынам мімозы, аднак гэта не лічыцца святам, і мы ўвогуле не надаем шмат увагі гэтай даце. Звычайны дзень, нават няма чаго пра гэта расказаць».
Увогуле, шчыра кажучы, я радая, што сёлета я сустрэла 8 сакавіка без якой-небудзь ідэалогіі, як гэта было ў маёй краіне, а проста грэлася пад доўгачаканым рыжскім сонцам. І яшчэ я назаўжды запомню гэтыя сумныя дні вясны 2024-га, і што маю зямлячку, таксама палітычную ўцякачку, маладую прыгожую дзяўчыну, звалі Ліза.